СІСТЭ́МА ФІЗІ́ЧНЫХ ВЕЛІЧЫ́НЬ,

сукупнасць узаемазвязаных фізічных велічынь, што ўключае асн. (незалежныя) і вытворныя велічыні і выкарыстоўваецца ў пэўнай галіне прыродазнаўства. Абазначаецца сімваламі асн. велічынь (гл. Размернасць у фізіцы) і дазваляе вызначыць кожную вытворную фіз. велічыню праз асноўныя на падставе ўраўненняў сувязі, якая існуе паміж імі. Напр., LMT — у механіцы і LMTI — у электрадынаміцы, дзе L — даўжыня, М — маса, Т — час, I — сіла току (асн. велічыні сістэмы адпаведна). Выбар С.ф.в. вызначае ўвядзенне адпаведных сістэм адзінак фіз. велічынь.

т. 14, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)